Опрос


ТЕМЫ

Последние комментарии

След в истории

«Краязнаўчая гасцёўня» пачынае дзейнасць

Версия для печатиВерсия для печатиОтправить на e-mailОтправить на e-mail
Автор: 
Галина ХИТРИКОВА.

У 2012-м Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Раманава на першым Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі да трэцяга тысячагоддзя», які праходзіў у Гродна, атрымаў перамогу ў трох з дзесяці намінацый. Гэта прызнанне на даволі высокім узроўні падштурхнула яго супрацоўнікаў да ідэі стварэння новага праекта — краязнаўчай гасцёўні, якая будзе збіраць прыхільнікаў гісторыі і краязнаўства адзін раз у месяц.

Першым удзельнікам «Краязнаўчай гас­цёўні», пасяджэнне якой адбылося ў сакавіку, стаў вучоны сакратар музея Анатоль Седзін, кніга якога «Предметы вооружения, снаряжения всадника и верхового коня из городища Никодимово» на нацыянальным форуме ў Гродна прызнана лепшай публікацыяй пра музейныя прадметы. Ён расказаў пра ўнікальнасць для археолагаў гарадзішча Нікадзімава (Горац­кі раён), раскопкі якога артэфактаў далі больш, чым уся тэрыторыя Польшчы. Там, напрыклад, знойдзены самыя старыя ў Беларусі кальчугі, самы старажытны меч, шмат наканечнікаў стрэл. Пачынаючы з 1986-га, кожны год Анатоль Седзін ездзіць на раскопкі на горацкую зямлю. Вынікам гэтай працы з’яўляецца тэматычная музейная зала. Яе стваральнік паабяцаў адно з пасяджэнняў «Гасцёўні» прысвяціць менавіта гэтай экспазіцыі.

У якасці гасцей па запрашэнню Магілёўскага грамадскага аб’яднання «ТБМ імя Ф. Скарыны» ў сустрэчы прынялі ўдзел археолаг, гісторык-медыявіст, доктар гістарычных навук, даследчык Сярэднявечча і новай гісторыі Беларусі Алесь Краўцэвіч і мастак-графік, загадчык кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігар Гардзіёнак. Яны прадставілі сваё апошняе сумеснае выданне — трэцюю частку серыі «Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх» — «Гедымін (1316—1341). Каралеўства Літвы і Русі». Першая кніга цыкла была прысвечана Міндоўгу. Другая — «Ад Войшалка да Віценя. Выпрабаванне на трываласць» — напісана, але, па словах аўтара, да выхаду ў свет пакуль не гатова па тэхнічных прычынах.

«Гедымін» выйшаў з друку ў Год кнігі і ўжо паспеў знайсці прызнанне сярод прафесіяналаў — кніга атрымала перамогу ў намінацыі «ЛИТ-формат» (выданне літаратурна-мастацкага накірунка) Нацыянальнага конкурсу «Искусство книги-2013».

«Гедымін» — гэта рэканструкцыя падзей на падставе дакументаў, першае грунтоўнае эсэ пра вялікую постаць, якая ўпершыню ў 40-я гады ХІV стагоддзя аб’яднала ў адной дзяржаве ўсе гістарычныя землі Беларусі. Аўтар у сваіх гісторыка-літаратурных нарысах разважае пра ролю асобы ў гісторыі. Пры гэтым спадзяецца, што паданне гістарычнага матэрыялу праз постаць будзе больш зразумелым і цікавым для чытача.

Галоўнай адметнасцю Геды­міна як палітыка і дзяржаўнага дзеяча аўтар лічыць перавагу дыпламатыі перад вайсковай сілай. У доказ гэтаму ў выданні прыводзіцца шмат цікавых гісторый.

«Гедымін» — гэта вынік 20-га­довага збору матэрыялу. У ёй не толькі жыццеапісанне манарха. Алесь Краўцэвіч дае дакументальная пацверджанне таму, што менавіта Гедымін перанёс сталіцу ВКЛ з Навагрудка ў Вільню, а дзяржаўнай мовай таго перыяду была беларуская. Ёсць у кнізе і шмат іншых доказаў на дагэтуль спрэчныя пытанні ў гісторыі Беларусі.
Ілюстрацыі да кнігі выкананы Ігарам Гардзіёнкам. Ён, дарэчы, кнігу назваў сваёй лепшай працай. Кансультацыі па выявах рабіў буйнейшы знаўца зброі ВКЛ прафесар Юрась Бохан.

Дзякуючы вельмі цікавай падачы матэрыялу Алесем Краўцэвічам, гістарычна дакладнаму аздабленню Ігара Гардзіёнка, кніга пра Гедыміна мае вельмі шырокі попыт як сярод прыхільнікаў гісторыі радзімы, так і сярод навукоўцаў. Добра аздобленае выданне — цікавы падарунак і дапаможнік для рыцарскіх клубаў. Таму спрыяе і тое, што кніга напісана на дзвюх мовах — беларускай і англійскай.