Опрос


ТЕМЫ

Последние комментарии

КУРСЫ ВАЛЮТ

Культура

Драўляная лыжка, якая заслугоўвае ўвагі Кнігі рэкордаў Гінэса

Версия для печатиВерсия для печатиОтправить на e-mailОтправить на e-mail

– Вы з Магілёва? Заходзьце, калі ласка, у наш музей!

– Але ж ваш галоўны экспанат знаходзіцца на вуліцы! – адказваю на гасціннае запрашэнне супрацоўніцы Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў Алены Лапыцька.
– Ведаеце, як наша і ваша рэчка Бярэзіна пачынаецца з вытокаў, так і аповед пра «галоўны экспанат», я мяркую, варта пачаць ад зараджэння ідэі, – тлумачыць мая новая знаёмая. І дадае:

– Падчас буйных мерапрыемстваў і поўнамаштабных экскурсій мы наогул спачатку знаёмім наведвальнікаў з мультыплікацыйным фільмам «Лыжка для салдата». Яго зрабілі беларускія аніматары паводле апавядання Янкі Маўра «Драўляная лыжка» (1948 г.) і прысвяцілі 70-годдзю Вялікай Перамогі. Дарэчы, прэзентацыя гэтай вельмі хвалюючай і пранікнёнай кінагісторыі адбылася летась менавіта ў вашым абласным цэнтры падчас «Анімаёўкі-2015».

Прыступкі лесвіцы прывялі нас у прасторны светлы пакой. Тут на стэндах і ў вітрынах сабрана багата экспанатаў. Хаця ўсе яны рознага памеру, разнастайнай формы і нават расфарбоўкі, адлюстроўваюць адзін і той жа прадмет – лыжку. Побач з пацямнелымі ад часу рарытэтамі, якімі некалі карысталіся нашы продкі, можна ўбачыць сапраўдныя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Многія вырабы пакрыты вельмі дасціпнай і тонкай разьбой. Вось – лыжка-лялька, а гэта нагадвае жалейку ці дудку. Лыжка ў форме і з калючкамі вожыка не дасць занадта многа з’есці кашы, а шлюбная напомніць маладым, што «муж і жана – адна сатана».

Лыжцы беларусы спрадвеку надавалі магічнае, сакральнае значэнне. Лічылася, што энергія едака, спускаючыся па тронцы лыжкі ўніз, трапляе ў ежу. І можа перадаваць страве негатыўныя эмоцыі альбо, наадварот, узбагачаць яе радасным «настроем». Не гаворачы ўжо пра смакавыя якасці. Ёсць тут і помнік гэтаму сталоваму прыбору вышынёй 2 метры 45 сантыметраў. Нейкі час ён стаяў на одной з вуліц райцэнтра, але яго цяпер пацясніў новы сімвал горада.

– Наша лыжка-гігант, праз якую вы спецыяльна завіталі да нас, выразана з дубу. Яго майстры адшукалі на адным з мясцовых урочышчаў, – працягвае экскурсію Алена Аляксандраўна. – Лясны волат ад старасці пачаў засыхаць і пайшоў бы, мабыць, на дошкі альбо брус, каб яму не быў наканаваны іншы лёс. Зараз на працу прыйдзе наш майстар-метадыст Уладзіслаў Макавецкі, ён больш падрабязна раскажа пра тое, як ён з калегамі і паплечнікамі ўвасобіў ідэю зрабіць такі незвычайны прадмет. А належыць задумка вось гэтай жанчыне.

Субяседніца адчыняе адну з вітрын і асцярожна дастае невялікі фотапартрэт.
– Ганна Аляксандраўна Ждановіч у 2010 годзе паклала пачатак стварэнню гэтага музея. Наш край заўсёды славіўся сваімі разьбярамі па дрэве. Зразумела, лыжка – не самая складаная рэч для вясковага ўмельца, ды толькі Ганна Аляксандраўна змагла ўбачыць за ёю будучы брэнд нашага горада. Прапанову зрабіць пастаянна дзеючую экспазіцыю, надаўшы ёй нацыянальныя рысы і каларыт, падхапілі іншыя энтузіясты, і вы бачыце вынік гэтых агульных памкненняў…

На хвіліну суразмоўца змаўкае – ёй цяжка гаварыць.

– Ганна Аляксандраўна – мая сястра. На вялікі жаль, яна вельмі рана пайшла з жыцця… Зусім нядаўна. І я, пакінуўшы ранейшае месца працы, перайшла сюды, каб прадоўжыць яе справу. За няпоўныя шэсць гадоў існавання Музея драўлянай лыжкі сабрана звыш трохсот экспанатаў. Іх колькасць, дзякуючы людзям таленавітым і неабыякавым да нашай культурнай і гістарычнай спадчыны, пастаянна расце. Да гэтага прыклалі свае рукі, талент, фантазію і нашы супрацоўнікі – Яўген Осіпаў і Уладзіслаў Макавецкі. Дапамагаў ім у вольны ад асноўнай працы час Аляксандр Паскрэбка. Лыжка, якую яны выстругалі з таго дубу, мае даўжыню 23 метры 66 сантыметраў…

Глянуўшы праз вакно ў двор цэнтра рамёстваў, Алена Аляксандраўна паведаміла, што самы малодшы з каманды разьбяроў 23-гадовы Уладзіслаў Макавецкі якраз завіхаецца каля свайго «дзецішча».

З размовы з Уладзіславам даведваюся, што на майстроў нечакана звалілася бярэмя славы. Журналісты, якія прыехалі асвятляць адкрыццё абласнога свята-конкурсу майстроў драўлянай манументальнай скульптуры, у імгненне вока разнеслі па краіне навіну аб прэзентацыі лыжкі-гіганта.

– Аналагаў ёй пакуль няма ў свеце, – адзначае У.Макавецкі. – Мы знайшлі праз Інтэрнэт звесткі, што самы вялікі аналагічны драўляны «сталовы прыбор» зроблены ў Румыніі. Яго даўжыня складае 17,82 метра. Такім чынам у нас была перспектыва пабіць той рэкорд.

І работа закіпела! Яна, па словах Уладзіслава, доўжылася з лістапада мінулага года да 12 чэрвеня 2016-га.

– Давялося папацець! – кажа майстар. – Дуб – гэта не ліпа, не бяроза і не клён, з якіх звычайна спачатку б’юць баклушы (брускі), а затым з іх выразаюць лыжкі. Дрэва гэта хутчэй нагадвае камень, таму інструменту тут затупілі і нават зламалі процьму! Пра мазолі я ўжо не кажу…

Аказалася, што зрабіць самую «тонкую работу» – выра-заць постаць казачнага цмока (дракона), які трымае ў зубах лыжку з выявай герба горада Беразіно – было фізічна лягчэй, чым давесці справу да канца.

– Мы, заўважце, зрабілі не проста тронку лыжкі ў выглядзе хваста, а аздобілі яго арнаментам. Тут ёсць элементы беларускай сімволікі, якія азначаюць абярэг, сонца, нараджэнне і нават мужчынскую сілу. Сюды ўжо прыязджаюць на фотасесію вясельныя картэжы. І гэта добра – няхай наш спагадлівы цмок дорыць маладым сем’ям любоў, згоду, дабрабыт і ўсё, што ім патрэбна. У першую чаргу, вядома, дзетак паболей, – усміхаецца Уладзіслаў.

Як і належыць вучню, ён з павагай расказвае пра свайго настаўніка Яўгена Паўлавіча Осіпава. Пры тым што Уладзіслаў скончыў у Віцебску каледж, дзе рыхтуюць майстроў разьбы па дрэве, а Яўген Осіпаў навучыўся гэтаму самастойна.
– Вобраз бярэзінскага цмока, якога можна сустрэць у казках і паданнях многіх народаў свету, Яўген Паўлавіч прыдумаў і намаляваў сам. Нам заставалася толькі ўвасобіць гэты персанаж «Юрскага перыяду» у матэрыяле. Нягледзячы на тое, што работа ў цэлым завершана, неабходна прыняць своечасовыя меры па яе захаванні ад непагадзі і часу, што могуць нанесці пэўны ўрон.

Уладзіслаў па звычцы з пяшчотай і гордасцю пагладжвае цёплае ад летніх сонечных промняў дрэва, якое, дзякуючы ўмелым рукам мясцовых разьбяроў, ператварылася ў сапраўдны брэнд горада, зрабіўшы Беразіно «сталіцай лыжкі». Пакідаючы яе, на душы было прыемна за нашага братка-беларуса, якому пад сілу паспрачацца за ўвагу з боку сусветна вядомай Кнігі рэкордаў Гінэса, і трошкі было крыўдна, што адбываецца ўсё гэта не ў нас, на Магілёўшчыне, а ў зусім блізкіх суседзяў. Дык ці ж нам «слабо», землякі, зрабіць нешта падобнае?..